У дзіцячым садку № 2 г. Пружаны прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прысваенню ўстанове адукацыі статуса «Школы міру». Гэта падзея стала сапраўдным святам для дзяцей, іх бацькоў, педагогаў і ганаровых гасцей.
Мерапрыемства пачалося з прывітальнай прамовы загадчыцы дзіцячага садка Жанны Калымагі. Яна выказала падзяку кожнаму прысутнаму госцю, які вырашыў наведаць гэтае важнае для ўстановы мерапрыемства, а таксама асобна падзякавала бацькам, якія сваім правільным выхаваннем дзяцей адыгралі немалую ролю ў дасягненні гэтага ганаровага статусу. Жанна Аляксандраўна адзначыла, што такое званне – гэта прызнанне намаганняў усіх, хто ўдзельнічаў у выхаванні і адукацыі дзяцей.
Затым увага прысутных была засяроджана на выступленнях выхаванцаў садка. Дзеці паказалі свае лепшыя здольнасці: яны з натхненнем танцавалі з папяровымі галубамі, якія затым устанавілі на вялікім шары, дэманструючы сваю падтрымку міру і імкненне да гармоніі. Гэтае сімвалічнае дзеянне напоўніла сэрцы ўсіх прысутных цеплынёй і гонарам за падрастаючае пакаленне.
Некаторыя з рабят прачыталі кранальныя вершы, галоўны пасыл якіх заключаўся ў важнасці міру для кожнага. Дзеткі таксама адказала на пытанне аб значэнні дадзенага слова, а іх шчырыя адказы адлюстроўвалі глыбіню разумення гэтай тэмы. Напрыклад, адзін з дзяцей сказаў: «Мір – гэта калі няма вайны і ўсе сябруюць», а іншы дадаў: «Гэта калі людзі не сварацца».
Не абышлі ўвагай і тэму сяброўства. Дзеці актыўна называлі словы, звязаныя з гэтым паняццем, пасля чаго выканалі танец пад назвай «Мір». У сваю чаргу педагогі таксама ўнеслі свой уклад у атмасферу свята, выканаўшы песню «Бусел на даху», што выклікала ў прысутных радасныя эмоцыі і апладысменты.
Настаяцель храма Праабражэння Гасподняга, айцец Ігар, падкрэсліў значнасць гэтай падзеі не толькі для дзіцячага сада, але і для ўсяго горада. Ён адзначыў, што мір з’яўляецца асновай стваральнага жыцця і яго неабходна падтрымліваць і ўмацоўваць у душы кожнага чалавека. «Калі міру не будзе ў душы, яго не будзе і навокал,» – сказаў айцец Ігар, заклікаючы ўсіх да ўзаемаразумення і дабрыні.
Адным з важных гасцей падзеі была старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Лідзія Раманюк. Яна ўручыла Жанне Аляксандраўне пасведчанне аб прысваенні дзіцячаму садку статуса «Школы міру», падзякавала дзецям за іх выступленні і падкрэсліла, што дадзеная ўстанова адукацыі паўнацэнна заслужыла ганаровае званне. Апроч гэтага Лідзія Мікалаеўна зрабіла яшчэ і падарунак у выглядзе набору карысных кніг, якія будуць цікавыя як педагогам, так і выхаванцам.
Кульмінацыяй мерапрыемства стаў момант, калі ганаровыя госці павязалі дзецям стужачкі з надпісам «Школа міру». Гэтая сімвалічная цырымонія выклікала захапленне ў малых і стала асаблівай ўрачыстасцю. Старшыня раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру» Руслан Супрыновіч павіншаваў навучэнцаў і педагогаў дзіцячага сада са значнай падзеяй і падкрэсліў, што атрыманне гэтага статуса толькі разнастаіць жыццё як дзяцей, так і дарослых. Ён уручыў установе адукацыі шыльду з надпісам «Школа міру», падарыў канструктар і салодкія прысмакі, якія яшчэ больш ўзмацнілі атмасферу свята.
Дзеткі ж адказалі гасцям прыгожым жэстам, падарыўшы кожнаму з іх статуэткі міжнароднага сімвала міру. Гэты кранальны момант сімвалізаваў удзячнасць і падзяку маленькіх удзельнікаў мерапрыемства.
Завяршылася ўрачыстасць сумесным выкананнем усімі прысутнымі неафіцыйнага гімна дабра і міру – песні «Сонечны круг».
Мерапрыемства пакінула незабыўнае ўражанне на ўсіх прысутных, яно паказала, наколькі важна выхоўваць у дзецях імкненне да гармоніі і ўзаемаразумення.
Няхай кожнае сэрца напаўняецца дабрынёй, а імкненне да міру і згоды стане неад’емнай часткай нашага жыцця. Няхай дзіцячыя ўсмешкі і шчырыя жаданні прадоўжаць натхняць усіх нас на добрыя справы і імкненне да лепшай будучыні. Бо менавіта дзеці – наша будучыня, і ў іх руках знаходзіцца ключ да росквіту і міру на ўсёй планеце.
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік.